У
Віцебску, на месцы, дзе знаходзіліся касцёл святога Антонія і кляштар
бернардзінаў, працуе экскаватар — капае траншэю пад каналізацыйныя і
электрычныя камунікацыі.
Земляныя
працы вядуцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Віцебска —
гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі.
Нягледзячы на гэта, на час візіта карэспандэнтаў " Народных навінаў
Віцебска”, археолагаў, якія б назіралі за працамі, заўважана не было —
магчыма, з-за выхаднога дня.
Між
тым экскаватар адкрыў (траншэя пракладзеная з заходняга і паўднёвага
бакоў фантана) фундаменты тых будынкаў, якія тут некалі стаялі. Некалькі
досыць вялікіх кавалкаў паднятыя на паверхню.
Пабудова
мураваных касцёла і кляштара на гэтым месцы пачалася ў 1737 годзе на
сродкі Казіміра і Тэклі (з Ларскіх) Саковічаў. У 1768 годзе касцёл быў
асвечаны ў імя святога Антонія беларускім біскупам-суфраганам Феліксам
Тавянскім. У 1832 годзе кляштар бернардзінаў быў ліквідаваны, а ў 1843
годзе касцёл стаў парафіяльным. Будынкі кляштарнага корпуса у 1855 годзе
перайшлі да дзяржаўных устаноў, на першым паверсе там месціліся крамы.
Нагадаем,
што ў 2007 годзе пракуратура Віцебскай вобласці ўзбудзіла крымінальную
справу па артыкуле 344 частка 2-я (наўмыснае разбурэнне помнікаў
гісторыі) па факце пашкоджання гістарычнага цэнтра Віцебска — тады
вяліся працы па пракладцы дзюкера і былі пашкоджаныя парэшткі фундамента
езуіцкага кляштара і касцёла святога Язэпа (а пазней Мікалаеўскага
сабора). Аднак, наколькі вядома "Народным навінам Віцебска”, справу
замялі і парушальнік ніяк не быў пакараны.