Среда
01.05.2024
23:45
Приветствую Вас Гость | RSS Главная | | Регистрация | Вход
Меню сайта

Форма входа

Категории раздела
Новости.Беларусь [47]
Новости.Мир [3]
История современности [1]
Забытые страницы
Проекты [3]
Перспективы туризма

Поиск

free counters
Праздники сегодня

Главная » 2012 » Март » 30 » Год Лангбарда. Горад Лангбарда
23:52
Год Лангбарда. Горад Лангбарда

Сёлета беларусы шырока адзначаць 130-годдзе сваiх песняроў – Янкі Купалы i Якуба Коласа. Але той далёкi ўрадлiвы 1882 год падарыў нам яшчэ аднаго генiя – не лiтаратуры, а "музыкі, што застыла ў камені". Яго звалi Iосiф Лангбард – архiтэктар, якому лёсам было наканавана стаць аўтарам найбуйнейшых збудаванняў беларускай сталiцы сярэдзiны ХХ стагоддзя, што дагэтуль фармуюць сiлуэт сучаснага Мiнска. У красавiку Нацыянальны мастацкі музей абяцае нам прымеркаваную да ўгодкаў выставу, якая раскажа аб "невядомым" Лангбардзе, а пакуль, у яе чаканнi, давайце падсумуем больш-менш вядомае, такiм чынам яшчэ раз ушанаваўшы юбiляра.

Iосiф Рыгоравiч Лангбард нарадзiўся ў 1882 годзе ў горадзе Бельску Гродзенскай губернi. Пасля заканчэння гiмназii вучыўся мастацкай i архiтэктурнай справе ў Адэсе, а потым у Санкт-Пецярбурзе. Падчас Першай сусветнай вайны Лангбард быў прызваны ў армію, дзе ўзначалiў iнжынерны атрад, якi будаваў аб’екты ў тыле i на фронце. Але нават вайна не перашкодзiла яму ўдзельнiчаць у конкурсах праектаў грамадскiх пабудоў. У 1918 годзе Лангбард уладкаваўся ў будаўнiчую кантору Петраградскага гараддзела аховы здароўя. Там ён працаваў да пачатку 1930-х, калi быў кiнуты на будаўнiцтва шэрагу буйных аб’ектаў у гарадах Беларусi i Украiны. І першым з іх стаў мінскі Дом ураду.

У абвешчаным у 1929 годзе конкурсе на праект Дома ўраду – галоўнага адмiнiстратыўнага будынка Беларусi, якi б уключаў у сябе ўсе асноўныя рэспублiканскiя органы кiравання, – прынялi ўдзел многiя выдатныя архiтэктары савецкай краiны. Лепшай, бадай, усiмi чальцамi журы была прызнана праца Лангбарда, больш таго, яе рэкамендавалi да ажыццяўлення без анiякiх змяненняў i дадаткаў. Цiкава, што згодна першапачатковаму праекту бакавыя крылы будынка планавалася злучыць на ўзроўнi трэцяга паверха галерэяй без адзiнай падпоры. Пазней, праўда, архiтэктар крыху змянiў праект, i на плошчы перад Домам ураду з’явiўся помнiк правадыру сусветнага пралетарыята. Кажуць, зараз гэта найстарэйшы i самы высокi з захаваных манументальных iдалаў Ленiна ва ўсiм свеце.

Фота: Сяргей Плыткевіч

Будаўнiцтва мiнскага Дома ўраду было завершана ў 1933 годзе, i ў дзень чарговых угодкаў Кастрычнiцкай рэвалюцыі адбылося ягонае ўрачыстае адкрыццё. А ў лiпенi таго ж года на старажытнай Траецкай гары заклалi фундамент будучага Вялiкага тэатра оперы i балета. На пачатку 30-х для адбору лепшага праекта быў наладжаны шэраг конкурсаў, пераможцам якiх стаў маскоўскі дойлiд Георгiй Лаўроў (менавiта па ягоных праектах у сталiцы Беларусі пабудаваны ансамблi БДУ i політэхнічнага інстытута, старая нацыянальная бiблiятэка). Аднак неўзабаве лаўроўскi праект быў перагледжаны, а ўжо распачатае будаўнiцтва спынена. Насамрэч, даволі сцiплы тэатральны праект Лаўрова ў стылi рацыяналiзму ўжо не адпавядаў хутка змянiўшымся патрабаванням маладой савецкай iмперыi, якая прагнула цяпер манументальных, нечуваных будынкаў – сiмвалаў сваёй нязломнай моцы.

Далейшая праца над будоўляй нацыянальнай Оперы была даручана Iосiфу Лангбарду. Заўважым, што на мяжы 1920–30-х гадоў савецкае мастацтва лунала ў пошуках новых форм тэатральных пастановак, разлiчаных на злiццё акцёра з гледачом, на масавыя дзеяннi прасторавага характару. Таму не дзiўна, што ўмяшчальнасць глядзельных залаў занадта гiпертрафіравалася, дасягаючы часам ледзь не стадыённых памераў. Адначасова павялiчвалiся плошчы фае, вестыбюляў, iншых дапаможных памяшканняў. Менавiта зыходзячы з панаваўшых стандартаў, Лангбард запраектаваў залу на 5000 (!) месцаў. Знешне ж гiганцкая спаруда Оперы больш паходзiла нават не на тэатр, а на велiзарны палац з безлiччу скульптур i барэльефаў. I пры гэтым архiтэктар любiў паўтараць: "Лепш не ведаць, як упрыгожыць будынак, чым зрабiць у iм лішняе".

Фота: Сяргей Плыткевіч

У 1934-м Лангбард атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У тым жа годзе ў звязку з "эканамiчнай немэтазгоднасцю" умяшчальнасць глядзельнай залы Оперы была зменшана да трох тысяч месцаў, а ў 1937-м увогуле стала паўтары тысячы. Натуральна, станавiлася больш сцiплым i знешняе аздабленне. Праекцiроўшчыку прыйшлося пакiнуць мары аб падземных абходах i звышмеханiзаванай сцэне – усяго гэтага, на жаль, не аказалася, калi ў сакавiку 1939 года мiнскi оперны тэатр уступiў у эксплуатацыю. Таксама ў 1939-м скончылася ўзвядзенне Дома Чырвонай Армii (так тады называўся Дом афiцэраў). Паводле лангбардаўскiх краслюнкаў яго перабудавалi са старажытнай Крыжовай царквы былога Архiерэйскага подворку. Аб гэтым будынку "ТиО" падрабязна пiсаў у лiстападзе 2011 года.

Падчас Вялiкай Айчыннай вайны Iосiф Рыгоравiч, якi спачатку ўдзельнiчаў у маскiроўцы аб’ектаў i збудаванняў Ленiнграда, а потым жыў у эвакуацыi на Яраслаўшчыне, не страчваў сувязi з Беларуссю. У адным са сваiх лiстоў да Беларускага аддзялення Саюза савецкiх архiтэктараў у пачатку 1944 года Лангбард пiсаў: "Добра ведаючы даваенны Мiнск i маючы вялiкi практычны вопыт аднаўлення старых збудаванняў, я мог бы з карысцю ўдзельнiчаць у састаўленнi плана аднаўлення Мiнска…"

I сапраўды, ягоны досвед хутка спатрэбiўся. Цэнтр беларускай сталiцы быў разбураны настолькi, што ад вакзала была бачная каланада галоўнага корпуса Акадэмii навук – дарэчы, яшчэ аднаго твора Лангбарда (1935–1939 гг.). Калi савецкiя войcкi штурмавалi Мiнск, некалькi снарадаў трапiла ў будынак Оперы. У Доме ўраду пры адступленнi фашысты заклалi больш за сто авiябомб замаруджанага дзеяння, кожная з якіх важыла 250 кілаграмаў. Толькi iмклiвы наступ Чырвонай Армii, а потым напружаная праца сапёраў выратавалi ад знiшчэння гэты будынак – узор архiтэктурнай творчасцi сваёй эпохi.

У жнiўнi 1944 года Лангбард увайшоў у склад камiсii, якая займалася пытаннямi аднаўлення сталiцы Беларусi. Разам з мясцовымi архiтэктарамi ён удзельнiчаў у распрацоўцы эскiза новай планiроўкi Мiнска, узначальваў першую майстэрню, у якой рыхтавалася праектная дакументацыя па рэканструкцыi разбураных будынкаў, адначасова сам кiраваў працай па аднаўленню гмахаў, узведзеных перад вайной па ягоных праектах.


Фота: Сяргей Плыткевіч


Iосiф Лангбард, якi на працягу свайго жыцця стварыў больш за сто праектаў будынкаў (шкада, што толькi 15 з iх былi ўвасоблены!), без перабольшвання займае пачэснае месца сярод дойлiдаў, якiя зрабілi значны ўплыў на развiццё беларускай архiтэктуры. Пабудаваныя Лангбардам аб’екты, а таксама эскізы былога будынка ЦК (зараз гэта рэзідэнцыя прэзідэнта краіны) сведчаць аб ягоным вялікім майстэрстве "пасадзіць" аб’ект так, каб ён стаў дамінантай горадабудаўнічай кампазіцыі. Як кажуць, гэткія таленты нараджаюцца аднойчы ў стагоддзе. Якраз сімвалам ХХ стагоддзя для беларусаў і застануцца лангбардавыя будынкі.

Некалькi малавядомых фактаў…

…аб Лангбардзе:

• Сям’я Лангбарда жыла ў Ленiнградзе ў адным доме з партыйнымi "вяршкамi" горада: Кiравым, Зiноўевым, Дыбенка, а таксама кампазiтарамi Шастаковiчам i Пракоф’евым.

• У канцы 1930-х, калi Лангбард большасць часу праводзiў на мiнскiх будоўлях, у Ленiнградзе НКУС арыштаваў ягоную жонку Вольгу Гаўрылаўну. Лангбард звярнуўся па дапамогу да Першага сакратара ЦК Кампартыi Беларусi Панамарэнкі, i праз 10 дзён жонку архiтэктара вызвалiлi.

• Апроч таго, што Лангбард быў выдатным архітэктарам, ён лiчыўся нядрэнным жывапісцам. Перавагу ў асноўным аддаваў пейзажам, сярод якіх, напрыклад, ёсць выявы старога Мінска.

…i аб ягоных будынках:

• Мiнскi Дом ураду стаў самым буйным збудаваннем грамадзянскай архiтэктуры Беларусi даваеннага часу. Агульная плошча гмаху перавысiла 40 тысяч кв. м (гэта прыкладна шэсць стадыёнаў), у ягоных "сотах" схавана каля 1000 кабiнетаў.

• У 1935 годзе Лангбард распрацаваў праект Дома Саветаў у Магілёве, куды неўзабаве меркавалася перанесці сталіцу БССР. Але пасля далучэння Заходняй Беларусi сталiца засталася ў Мiнску, а магiлёўскае "блiзня" дало прытулак аблвыканкаму. Яшчэ адзiн будынак, спраектаваны Лангбардам для "стольнага" Магiлёва, потым увасобiлi ў Кiеве – гэта былы гаркам КПУ, а зараз Мiнiстэрства замежных спраў Украiны.

• Падчас вайны ў Доме ўрада акупанты размясцілі штабы СС, гестапа, "Люфтвафэ" і базу забеспячэння войскаў. Галоўны корпус Акадэмii навук немцы прыстасавалi пад казармы, з мiнскай Оперы i магiлёўскага Дома Саветаў зрабiлi стайнi, а ў Доме Чырвонай Арміі ўладкавалi салдацкi кiнатэатр i публiчны дом.

• Лангбард – адзiны дойлiд, чые архітэктурныя творы двойчы намаляваны на беларускiх банкнотах: купюру ў 1 рубель (ужо выведзеную з абароту) упрыгожвала каланада галоўнага корпуса НАН, а 100-рублёўку – будынак Оперы на Траецкай гары.

* * *

Іосіф Лангбард казаў: "Гарызантальная форма ўяўляецца мне як стан спячага або мёртвага чалавека, між тым як вертыкальнае становішча ўвасабляе жыццё, бадзёрасць і моц, яно нiбы супрацьстаіць цязе да зямлі".
Категория: Новости.Беларусь | Просмотров: 1566 | Добавил: anstrol | Теги: Лангбард, архитектура Минска | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа

Календарь
«  Март 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031

Архив новостей

Наш опрос
Вы бывали в Беларуси?
Всего ответов: 118

Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz

  • Статистика

    Онлайн всего: 1
    Гостей: 1
    Пользователей: 0

    Обмен WebMoney
      Отдадите:  
      Получите:  

    People Group

    Copyright MyCorp © 2024