Сёлета беларусы шырока адзначаць
130-годдзе сваiх песняроў – Янкі Купалы i Якуба Коласа. Але той далёкi
ўрадлiвы 1882 год падарыў нам яшчэ аднаго генiя – не лiтаратуры, а
"музыкі, што застыла ў камені". Яго звалi Iосiф Лангбард – архiтэктар,
якому лёсам было наканавана стаць аўтарам найбуйнейшых збудаванняў
беларускай сталiцы сярэдзiны ХХ стагоддзя, што дагэтуль фармуюць сiлуэт
сучаснага Мiнска. У красавiку Нацыянальны мастацкі музей абяцае нам
прымеркаваную да ўгодкаў выставу, якая раскажа аб "невядомым"
Лангбардзе, а пакуль, у яе чаканнi, давайце падсумуем больш-менш
вядомае, такiм чынам яшчэ раз ушанаваўшы юбiляра.
Iосiф Рыгоравiч Лангбард нарадзiўся ў 1882 годзе ў горадзе Бельску
Гродзенскай губернi. Пасля заканчэння гiмназii вучыўся мастацкай i
архiтэктурнай справе ў Адэсе, а потым у Санкт-Пецярбурзе. Падчас Першай
сусветнай вайны Лангбард быў прызваны ў армію, дзе ўзначалiў iнжынерны
атрад, якi будаваў аб’екты ў тыле i на фронце. Але нават вайна не
перашкодзiла яму ўдзельнiчаць у конкурсах праектаў грамадскiх пабудоў. У
1918 годзе Лангбард уладкаваўся ў будаўнiчую кантору Петраградскага
гараддзела аховы здароўя. Там ён працаваў да пачатку 1930-х, калi быў
кiнуты на будаўнiцтва шэрагу буйных аб’ектаў у гарадах Беларусi i
Украiны. І першым з іх стаў мінскі Дом ураду. У абвешчаным у 1929 годзе конкурсе на праект Дома ўраду
– галоўнага адмiнiстратыўнага будынка Беларусi, якi б уключаў у сябе
ўсе асноўныя рэспублiканскiя органы кiравання, – прынялi ўдзел многiя
выдатныя архiтэктары савецкай краiны. Лепшай, бадай, усiмi чальцамi журы
была прызнана праца Лангбарда, больш таго, яе рэкамендавалi да
ажыццяўлення без анiякiх змяненняў i дадаткаў. Цiкава, што згодна
першапачатковаму праекту бакавыя крылы будынка планавалася злучыць на
ўзроўнi трэцяга паверха галерэяй без адзiнай падпоры. Пазней, праўда,
архiтэктар крыху змянiў праект, i на плошчы перад Домам ураду з’явiўся
помнiк правадыру сусветнага пралетарыята. Кажуць, зараз гэта найстарэйшы
i самы высокi з захаваных манументальных iдалаў Ленiна ва ўсiм свеце. | Фота: Сяргей Плыткевіч |
Будаўнiцтва мiнскага Дома ўраду было завершана ў 1933 годзе, i ў дзень
чарговых угодкаў Кастрычнiцкай рэвалюцыі адбылося ягонае ўрачыстае
адкрыццё. А ў лiпенi таго ж года на старажытнай Траецкай гары заклалi
фундамент будучага Вялiкага тэатра оперы i балета. На
пачатку 30-х для адбору лепшага праекта быў наладжаны шэраг конкурсаў,
пераможцам якiх стаў маскоўскі дойлiд Георгiй Лаўроў (менавiта па ягоных
праектах у сталiцы Беларусі пабудаваны ансамблi БДУ i політэхнічнага
інстытута, старая нацыянальная бiблiятэка). Аднак неўзабаве лаўроўскi
праект быў перагледжаны, а ўжо распачатае будаўнiцтва спынена. Насамрэч,
даволі сцiплы тэатральны праект Лаўрова ў стылi рацыяналiзму ўжо не
адпавядаў хутка змянiўшымся патрабаванням маладой савецкай iмперыi, якая
прагнула цяпер манументальных, нечуваных будынкаў – сiмвалаў сваёй
нязломнай моцы. Далейшая праца над будоўляй нацыянальнай Оперы
была даручана Iосiфу Лангбарду. Заўважым, што на мяжы 1920–30-х гадоў
савецкае мастацтва лунала ў пошуках новых форм тэатральных пастановак,
разлiчаных на злiццё акцёра з гледачом, на масавыя дзеяннi прасторавага
характару. Таму не дзiўна, што ўмяшчальнасць глядзельных залаў занадта
гiпертрафіравалася, дасягаючы часам ледзь не стадыённых памераў.
Адначасова павялiчвалiся плошчы фае, вестыбюляў, iншых дапаможных
памяшканняў. Менавiта зыходзячы з панаваўшых стандартаў, Лангбард
запраектаваў залу на 5000 (!) месцаў. Знешне ж гiганцкая спаруда Оперы
больш паходзiла нават не на тэатр, а на велiзарны палац з безлiччу
скульптур i барэльефаў. I пры гэтым архiтэктар любiў паўтараць: "Лепш не
ведаць, як упрыгожыць будынак, чым зрабiць у iм лішняе". | Фота: Сяргей Плыткевіч |
У 1934-м Лангбард атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У
тым жа годзе ў звязку з "эканамiчнай немэтазгоднасцю" умяшчальнасць
глядзельнай залы Оперы была зменшана да трох тысяч месцаў, а ў 1937-м
увогуле стала паўтары тысячы. Натуральна, станавiлася больш сцiплым i
знешняе аздабленне. Праекцiроўшчыку прыйшлося пакiнуць мары аб падземных
абходах i звышмеханiзаванай сцэне – усяго гэтага, на жаль, не
аказалася, калi ў сакавiку 1939 года мiнскi оперны тэатр уступiў у
эксплуатацыю. Таксама ў 1939-м скончылася ўзвядзенне Дома Чырвонай Армii
(так тады называўся Дом афiцэраў). Паводле лангбардаўскiх краслюнкаў
яго перабудавалi са старажытнай Крыжовай царквы былога Архiерэйскага
подворку. Аб гэтым будынку "ТиО" падрабязна пiсаў у лiстападзе 2011
года. Падчас Вялiкай Айчыннай вайны Iосiф Рыгоравiч, якi
спачатку ўдзельнiчаў у маскiроўцы аб’ектаў i збудаванняў Ленiнграда, а
потым жыў у эвакуацыi на Яраслаўшчыне, не страчваў сувязi з Беларуссю. У
адным са сваiх лiстоў да Беларускага аддзялення Саюза савецкiх
архiтэктараў у пачатку 1944 года Лангбард пiсаў: "Добра ведаючы даваенны
Мiнск i маючы вялiкi практычны вопыт аднаўлення старых збудаванняў, я
мог бы з карысцю ўдзельнiчаць у састаўленнi плана аднаўлення Мiнска…"
I сапраўды, ягоны досвед хутка спатрэбiўся. Цэнтр беларускай сталiцы
быў разбураны настолькi, што ад вакзала была бачная каланада галоўнага
корпуса Акадэмii навук – дарэчы, яшчэ аднаго твора Лангбарда (1935–1939
гг.). Калi савецкiя войcкi штурмавалi Мiнск, некалькi снарадаў трапiла ў
будынак Оперы. У Доме ўраду пры адступленнi фашысты заклалi больш за
сто авiябомб замаруджанага дзеяння, кожная з якіх важыла 250 кілаграмаў.
Толькi iмклiвы наступ Чырвонай Армii, а потым напружаная праца сапёраў
выратавалi ад знiшчэння гэты будынак – узор архiтэктурнай творчасцi
сваёй эпохi. У жнiўнi 1944 года Лангбард увайшоў у склад
камiсii, якая займалася пытаннямi аднаўлення сталiцы Беларусi. Разам з
мясцовымi архiтэктарамi ён удзельнiчаў у распрацоўцы эскiза новай
планiроўкi Мiнска, узначальваў першую майстэрню, у якой рыхтавалася
праектная дакументацыя па рэканструкцыi разбураных будынкаў, адначасова
сам кiраваў працай па аднаўленню гмахаў, узведзеных перад вайной па
ягоных праектах.
| Фота: Сяргей Плыткевіч |
Iосiф Лангбард, якi на працягу свайго жыцця стварыў больш за сто
праектаў будынкаў (шкада, што толькi 15 з iх былi ўвасоблены!), без
перабольшвання займае пачэснае месца сярод дойлiдаў, якiя зрабілi значны
ўплыў на развiццё беларускай архiтэктуры. Пабудаваныя Лангбардам
аб’екты, а таксама эскізы былога будынка ЦК (зараз гэта рэзідэнцыя
прэзідэнта краіны) сведчаць аб ягоным вялікім майстэрстве "пасадзіць"
аб’ект так, каб ён стаў дамінантай горадабудаўнічай кампазіцыі. Як
кажуць, гэткія таленты нараджаюцца аднойчы ў стагоддзе. Якраз сімвалам
ХХ стагоддзя для беларусаў і застануцца лангбардавыя будынкі. Некалькi малавядомых фактаў… …аб Лангбардзе:
• Сям’я Лангбарда жыла ў Ленiнградзе ў адным доме з партыйнымi
"вяршкамi" горада: Кiравым, Зiноўевым, Дыбенка, а таксама кампазiтарамi
Шастаковiчам i Пракоф’евым. • У канцы 1930-х, калi Лангбард
большасць часу праводзiў на мiнскiх будоўлях, у Ленiнградзе НКУС
арыштаваў ягоную жонку Вольгу Гаўрылаўну. Лангбард звярнуўся па дапамогу
да Першага сакратара ЦК Кампартыi Беларусi Панамарэнкі, i праз 10 дзён
жонку архiтэктара вызвалiлi. • Апроч таго, што Лангбард быў
выдатным архітэктарам, ён лiчыўся нядрэнным жывапісцам. Перавагу ў
асноўным аддаваў пейзажам, сярод якіх, напрыклад, ёсць выявы старога
Мінска. …i аб ягоных будынках: •
Мiнскi Дом ураду стаў самым буйным збудаваннем грамадзянскай архiтэктуры
Беларусi даваеннага часу. Агульная плошча гмаху перавысiла 40 тысяч кв.
м (гэта прыкладна шэсць стадыёнаў), у ягоных "сотах" схавана каля 1000
кабiнетаў. • У 1935 годзе Лангбард распрацаваў праект Дома
Саветаў у Магілёве, куды неўзабаве меркавалася перанесці сталіцу БССР.
Але пасля далучэння Заходняй Беларусi сталiца засталася ў Мiнску, а
магiлёўскае "блiзня" дало прытулак аблвыканкаму. Яшчэ адзiн будынак,
спраектаваны Лангбардам для "стольнага" Магiлёва, потым увасобiлi ў
Кiеве – гэта былы гаркам КПУ, а зараз Мiнiстэрства замежных спраў
Украiны. • Падчас вайны ў Доме ўрада акупанты размясцілі штабы
СС, гестапа, "Люфтвафэ" і базу забеспячэння войскаў. Галоўны корпус
Акадэмii навук немцы прыстасавалi пад казармы, з мiнскай Оперы i
магiлёўскага Дома Саветаў зрабiлi стайнi, а ў Доме Чырвонай Арміі
ўладкавалi салдацкi кiнатэатр i публiчны дом. • Лангбард –
адзiны дойлiд, чые архітэктурныя творы двойчы намаляваны на беларускiх
банкнотах: купюру ў 1 рубель (ужо выведзеную з абароту) упрыгожвала
каланада галоўнага корпуса НАН, а 100-рублёўку – будынак Оперы на
Траецкай гары. * * * Іосіф Лангбард казаў:
"Гарызантальная форма ўяўляецца мне як стан спячага або мёртвага
чалавека, між тым як вертыкальнае становішча ўвасабляе жыццё, бадзёрасць
і моц, яно нiбы супрацьстаіць цязе да зямлі".
|